У 2021/2022 навучальным годзе я абагульніла свой вопыт педагагічнай дзейнасці па тэме “ Удасканаленне вылічальных навыкаў складання і аднімання малодшых школьнікаў на ўроках матэматыкі ў 1 – 4 класах праз разнастайныя віды вуснага ліку”.
Матэматыка з’яўляецца адной з важнейшых навук на зямлі, а менавіта з ёй чалавек сустракаецца кожны дзень у сваім жыцці. Праблема ўдасканалення методыкі вусных вылічэнняў праз навучанне дзяцей матэматыкі заўсёды была і застаецца актуальнай. Таму настаўніку неабходна фарміраваць у дзяцей вылічальныя навыкі, а пасля ўдасканальваць гэтыя навыкі, выкарыстоўваючы разнастайныя віды вусных практыкаванняў.
Вусны лік актывізуе мысленчую дзейнасць вучняў. Пры выкананні вусных практыкаванняў развіваецца памяць, мова, увага, здольнасць успрымаць заданні на слых, хуткасць рэакцыі. Вусны лік знаходзіцца ў метадычнай сувязі з асноўнай тэмай і носіць праблемны характар. Ён дапамагае пераключыць вучня з адной дзейнасці на другую, рыхтаваць вучняў да вывучэння новай тэмы, таксама ёсць магчымасць арганізаваць паўтарэнне і абагульненне вывучанага матэрыялу.
У час вуснай работы вучань эфектыўна вучыцца ўстанаўліваць сувязь паміж аб’ектамі, з’явамі, параўноваць, абагульняць іх, развівае памяць, разам з гэтым развівае гігбкасць мыслення, вучыцца кантраляваць свае разважанні.
Мэтай вопыту з’яўляецца:
- удасканаленне вылічальных навыкаў складання і аднімання малодшых школьнікаў на ўроках матэматыкі ў 1-4 класах праз разнастайныя віды вуснага ліку
Вызначаны наступныя задачы:
- Разгледзець тэарытычныя асновы відаў вуснага ліку і вылічальных навыкаў увогуле.
- Падабраць аптымальныя віды вусных практыкаванняў для паспяховага ўдасканалення вылічальных навыкаў складання і аднімання.
- Выкарыстанне адаптаваных відаў вусных практыкаванняў для ўдасканалення вылічальных навыкаў.
- Вызначыць эфектыўнасць распрацаваных заданняў праз дыягностыку сфарміраванасці вусных вылічальных навыкаў складання і аднімання.
Можна выдзяліць наступныя віды практыкаванняў:
1) слыхавыя практыкаванні: вучань успрымае дадзеныя лікі на слых, пры гэтым нічога не запісваючы, не абапіраючыся на наглядныя дапаможнікі;
2) зрокавыя практыкаванні: вучань успрымае лікі зрокам, пры гэтым карыстаючыся разнастайнымі нагляднымі дапаможнікамі;
3) зрокава-слыхавыя практыкаванні: лікі ўспрымаюцца на слых з апорай на наглядныя дапаможнікі.
Для развіцця правільнасці і аўтаматызму вылічальнага навыку на кожным уроку адвожу 5-7 мінут для вуснага ліку. Імкнуся праводзіць яго ў форме гульні, спаборніцтва або выкарыстаць элемент займальнасці. Вусны лік з’яўляецца неад’емнай часткай урокаў матэматыкі.
Вельмі часта вусны лік уключаю і ў праверку дамашняй работы. Прыклады, якія вучні рашалі дома, запісваю на дошцы без адказаў. Сшыткі ў вучняў закрытыя. Прыклады рашаюцца вусна, адказы запісваюцца на дошцы. Потым вучні адкрываюць сшыткі і звяраюць адказы.
Назіраючы за дзецьмі, можна адзначыць, што выкарыстоўваючы разнастайныя прыёмы вуснага ліку на ўроках матэматыкі, дзеці сталі актыўна працаваць, праяўляць зацікаўленасць да матэматыкі, свабодна аперыруюць лікамі з задавальненнем наведваюць урокі матэматыкі.
Па выніках праведзенай работы можна зрабіць выснову:
- Прапанаваны вопыт паказвае эфектыўнасць выкарыстання разнастайных прыёмаў вуснага ліку для ўдасканалення вылічальных навыкаў.
- Вынікі маёй работы паказалі, разнастайнасць вусных практыкаванняў ў навучанні садзейнічаюць фарміраванню трывалых вылічальных навыкаў, актывізуюць памяць, развіваюць лагічнае мысленне, большая колькасць вучняў мае магчымасць адказаць, праверыць правільнасць рашэннняў.
- Як паказала практыка, выкарыстоўваючы разнастайныя практыкаванні, вучні лепш засвойваюць тэму ўрока, актыўней лічаць і ідуць на кантакт з настаўнікам, успрымаюць матэрыял больш асмысленна, займаюцца з цікавасцю. За ўрок выконваюць большы аб’ём работы.
- Паспяхова авалодаўшы гэтымі прыемамі вылічэнняў і вучні, якія мелі цяжкасці ў навучанні, лепш працуюць на ўроку. Менавіта па гэтай прычыне сістэматычнае выкарыстанне вусных практыкаванняў на ўроках матэматыкі станоўча ўздзейнічае на фарміраванне вылічальных навыкаў кожнага вучня.
Вопыт паказаў, ўдасканаленыя вылічальныя навыкі дазваляюць павысіць самаацэнку вучням, матывацыю да навучання і самастойнай вучэбнай актыўнасці. Гэта добра адаптуе дзяцей не толькі да далейшага працэса навучання, але і да жыцця ў соцыуме. Прапаную педагогам выкарыстоўваць разнастайныя прыёмы вуснага лічэння для ўдасканалення вылічальных навыкаў.
Вопыт работы быў прадстаўлены на адкрытых уроках і семінарах школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання.
раскрыть » / « свернуть