Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінула пяцёра студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.
Нельга забываць, што беларуская мова калісьці была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся законы, вяліся суды, адбываліся соймы. Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, а ў 1517 годдзе ў Празе доктар лекарскіх навук Францішак Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску – першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.
Радуе тое, што мова сёння стала больш актыўна ўжывацца ў сферы рэкламы, культуры, бізнесу, а таксама ў інтэрнэт-прасторы. Яна становіцца элітарнай: на ёй размаўляюць высокаадукаваныя людзі, літаратары, мастакі, дзеячы навукі, культуры. Гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей карыстацца ёю. І гэта зусім не дзіўна: нам жа ў спадчыну засталася жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная мова.
Цікава і пазнавальна Дзень роднай мовы прайшоў і ў нашай школе. Вучні 5 класа прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “ Знаўцы беларускай мовы”.Іх чакалі заданні па наступных рубрыках: “Гэта цікава”, “Загадкі”, “Рэбусы”, “Метаграмы”, “Шарады”.Асабліва дзецям спадабалася разгадваць рэбусы, метаграмы і шарады.Лепшымі знаўцамі беларускай мовы сталі Мікалай Кірэеў , Паліна Сцяпанчыкава, Насця Хрытанькова і Марына Кашко.
Вучні восьмага класа сталі ўдзельнікамі моўнага турніра “Адкрываю … нанова беларускае роднае слова…” Мэта гульні-спаборніцтва: развіваць пазнавальную актыйнасць і маўленчую культуру вучняў, іх творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, фарміраваць уменне працаваць у камандзе; выхоўваць пачуццё любові і павагі да беларускай мовы. Былі створаны дзве каманды “Пралеска” і “Васілёк”. Удзельнікам гульні-спаборніцтва неабходна было паказаць добрыя веды ў наступных конкурсах: “Лесвіца”, “Эрудыт”, “Хто больш?”, “Адным словам”, “Усявед”, “Веру-не веру”, “Чужое слова”, “Конкурс капітанаў”. Перамагла каманда “Васілёк” на чале з капітанам Васілісай Макарэвіч.
У гэты ж дзень праверыць свае веды па роднай мове змаглі вучні 8, 9 і 11 класаў. Яны пісалі адзіную Рэспубліканскую дыктоўку па беларускай мове “Беларусь-краіна-мара”, якую арганізаваў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа.. Дыктоўка была прысвечана Году міра і стварэння.
Добрыя веды па роднай мове паказалі адзінаццацікласнікі Мацвей Цямрук і Вольга Іавец.
Сапраўды, мы, беларусы, маем самую прыгожую краіну, багатую лясамі і палямі, рэкамі і азёрамі…Беларусь—гэта краіна працавітых людзей і талентаў, дасягненняў і перамог. Тут паўсюдна пануе шчырасць і гасціннасць, увага і клопат.
Беларусь— краіна міру і стваральнай працы . Яе галоўнымі нацыянальнымі каштоўнасцямі з’яўляюцца сяброўства, добрасуседства, узаемапавага.
А галоўным нацыянальным скарбам краіны, душой народа з’яўляецца мова.. Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў. І сёння наш гонар і абавязак – шанаваць родную мову.Давайце ж размаўляць па-беларуску – і заўтра наша мова стане яшчэ больш неабходнай нам, нашым дзецям і ўнукам. Не саромейцеся мовы сваёй, удасканальвайце мілагучнае роднае слова.
«І ў палацы, і на сцежцы вузкай, // Каб душа магла пачуць душу, // Размаўляй са мной па-беларуску, // Размаўляй па-роднаму, прашу!»
Галіна Мікалаеўна Барсукова,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры