У 5 класе праводзілася інтэрактыўная гульня“ Знаўцы беларускай мовы”.Мэта гульні: развіццё творчага мыслення, пазнавальнага інтарэсу, узбагачэнне слоўнікавага запасу, выхаванне павагі да роднай мовы і Беларусі. Іх чакалі заданні па наступных рубрыках: “Гэта цікава”, “Загадкі”, “Рэбусы”, “Метаграмы”, “Шарады”. Асабліва дзецям спадабалася разгадваць метаграмы і шарады.

З вучнямі 6 класа была праведзена гульня-эстафета “Пазнай слова”. Дзве каманды “Сказ” і “Слова” спаборнічалі ў конкурсах “Змейка”, “Папацей, грамацей”, “Складзі прыказку”, “Перакладчык”, а пасля ўсёй камандай напісалі дыктант. З адрывам у адзін бал перамагла каманда”Сказ”. У гульнёвай форме навучэнцы паказалі веды па розных раздзелах мовы. Школьнікі яшчэ раз убачылі і адчулі, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова.

Вучні 7 класа дакрануліся да скарбаў роднай мовы, адкрылі для сябе новыя старонкі гісторыі і культуры Беларусі . Яны прынялі ўдзел у гульні “Скарбы роднай зямлі”. Сямікласнікі паказалі добрыя веды ў наступных прыпынках: “Скарбонка мудрасці”, “Беларускае нацыянальнае адзенне”, ”Зямля пад белымі крыламі”, “Мясціны майго дзяцінства”. Кожны вучань расказаў пра сваю маленькую радзіму і пра сваю любоў да яе. За што ж любяць дзеці сваю зямлю беларускую? А любяць яе:“…за бацькоўскі дом, шчаслівае дзяцінства і цудоўную прыроду…”,“…за маленькую хатку на ўзгорку, рачулку і поле сініх васількоў…”, “…за родную мову.. , “…за спакой і мірнае, блакітнае неба над галавой…”

Вучні 9 класа прыняліўдзел у літаратурна-этнаграфічнай віктарыне па паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Дзевяцікласнікі пашырылі свае веды па гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі , нацыянальных традыцыях і звычаях беларусаў. Пасля мерапрыемства ў этнаграфічным куточку школы вучні знайшлі некаторыя прылады працы і прадметы паўсядзённага ўжытку, якія сустрэліся ў віктарыне.


Вучням 11 класа спадабалася гульня “Хто хоча стаць выдатнікам?” Гульня складалася з трох тураў : “Правапіс беларускай мовы”, “Літаратурны” і “Цікава ведаць.”. Самым паспяховым для адзінаццацікласнікаў быў тур “ Літаратурны”. Усе вучні паказалі добрыя веды і атрымалі высокія балы.

20 лютага напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы вучні 8-11 класаў сталі ўдзельнікамі Рэспубліканскай дыктоўкі ў анлайн-фармаце. Арганізатарам выступіў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. Тэкст, які быў прысвечаны Году беларускай жанчыны, уразіў вучняў сваёй паэтычнасцю і глыбінёй.Аўтарам гэтага верша ‘яўляецца вядомы беларускі паэт Алесь Звонак. Навучэнцы адзначылі, што пісаць такі дыктант было асабліва прыемна, бо радкі ліліся, як песня, якая ўслаўляе вобраз беларускай жанчыны. А яшчэ ўдзел у дыктоўцы – гэта еднасць і адчуванне гэтай еднасці з Радзімай і яе народам.

Усе мерапрыемствы Тыдня былі цікавымі і змястоўнымі. Яны садзейнічалі развіццю інтэлектуальных магчымасцей навучэнцаў, іх творчых здольнасцей, выхаванню любові і павагі да роднай мовы. Мы ж,настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, будзем і далей папулярызаваць беларускую мову,каб яна гучала горда і звонка не толькі ў нашай школе, але і ва ўсіх куточках нашай краіны.
